Ці ведаеце вы, што ...
Нацыянальны парк «Прыпяцкі» - адзінае месца на планеце, дзе існуюць першабытныя пойменныя дубровы.
У нацыянальным парку практычна ў некранутым стане захаваліся унікальныя пойменныя ландшафты Беларускага Палесся - з дзюнамі, катлавінамі і лагчынамі, дзе сярод дуброў і ясеннікаў размешчана больш за 30 азёр. На Палессі таксама захаваліся самыя вялікія натуральныя балота ў Еўропе. Найбольш буйныя з іх - Званец (150 кв. км) і Дзікае (80 кв. км).
Белавежская пушча - самы буйны старажытны лес Еўропы.
Звесткі пра пушчу сустракаюцца яшчэ ў антычнага гісторыка Герадота (5 ст. Да н.э.) і ў Іпацьеўскім летапісе (983 г.). У канцы XIV ст. вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Ягайла аб'явіў пушчу запаведнай і ўстанавіў забарону на паляванне. Старажытны лес ахоўваецца ўжо 600 гадоў. У Белавежскай пушчы налічваецца каля 2 тысяч дрэў-волатаў. Некаторыя з іх з'явіліся яшчэ да адкрыцця Калумбам Амерыкі! Белавежская пушча ўключана ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Нясвіж належаў аднаму з найбагацейшых у Еўропе роду Радзівілаў.
Шмат каму ў сваім непаўторным абліччы Нясвіж абавязаны тварэнням італьянскага архітэктара Яна Джаванні Марыі Бернардоні. Паводле яго праектаў у XVI стагоддзі ўзведзены замак і фарны касцёл Божага цела - першае на тэрыторыі Рэчы Паспалітай збудаванне ў стылі барока. У храме знаходзіцца адзін з найбуйнейшых у Еўропе некропаль княжацкага роду, які налічвае 102 саркафага членаў сям'і Радзівілаў. Нясвіжскі замак уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
У Беларусі жыве найбуйнейшая ў свеце папуляцыя зуброў.
Гэтыя жывёлы самыя цяжкія і буйныя наземныя млекакормячыя на еўрапейскім кантыненце, апошнія еўрапейскія прадстаўнікі дзікіх быкоў. Мікола Гусоўскі напісаў сваю знакамітую «Песню пра зубра» па замове Папы Рымскага Льва X, які хацеў пачуць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў. Найбольшая колькасць зуброў жыве ў Белавежскай пушчы.
Адзін з трох усходнеславянскіх Сафійскі сабор знаходзіцца ў Беларусі.
Гэты манументальны помнік архітэктуры пабудаваны ў Полацку паміж 1044-1066 гадамі пры князі Усяслава Брачыславіча, празваным Чарадзеем, як сімвал роўнасці з самымі ўплывовымі старажытнарускімі гарадамі - Кіевам і Ноўгарадам, дзе таксама былі ўзведзены саборы ў гонар святой Сафіі.
Беларусы аднымі з першых у Еўропе, яшчэ ў 1517 годзе, мелі сваю друкаваную Біблію.
Беларускі першадрукар Францыск Скарына сваю выдавецкую дзейнасць пачаў у Празе, дзе надрукаваў 23 ілюстраваныя кнігі Бібліі ў перакладзе на старабеларускую мову. У пачатку 1520-х гадоў пераехаў у Вільню і заснаваў друкарню. У ёй надрукаваны «Малая падарожная кніжыца» і Апостал. Рэнесансныя выданні Скарыны вылучаюцца высокай якасцю друку, своеасаблівымі ілюстрацыямі і гравюрамі, шрыфтам і іншымі кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства.
Чатырнаццаць Нобелеўскіх лаўрэатаў маюць беларускія карані.
Гэта самая прэстыжная міжнародная прэмія існуе ўжо больш за 100 гадоў і за гэты час была ўручана прадстаўнікам самых розных краін. Імёны многіх нобелеўскіх лаўрэатаў з беларускімі каранямі вядомыя зараз ўсім свеце. Гэта, у прыватнасці, лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па эканоміцы, хіміі і фізіцы - Жарэс Алфёраў, Сайман Каваль, Аарон Клуг; лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру - Іцхак Рабін, Менахем Бегін і Шымон Перэс.
Ураджэнец Беларусі Тадэвуш Касцюшка - нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША.
Тадэвуш Касцюшка за сваю бліскучую кар'еру быў паплечнікам бацькі-заснавальніка ЗША Вашынгтона і нацыянальнага героя Францыі Лафайет, атрымліваў прапановы аб супрацоўніцтве ад французскага імператара Напалеона I і рускага цара Аляксандра I, але адмовіў ім. Касцюшка стаў актыўным удзельнікам многіх значных гістарычных падзей: у 1776-83 гадах добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША; ў 1794 годзе ўзначаліў нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Рэчы Паспалітай.
Партызанскі рух у Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны было самым магутным у Еўропе.
Ужо ў 1943 годзе партызаны кантралявалі каля 60% тэрыторыі рэспублікі. На тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны дзейнічаў самы буйны ў Еўропе яўрэйскі партызанскі атрад, арганізаваны братамі Бельскімі. Аб рэальных падзеях, звязаных з дзейнасцю атрада, расказвае фільм амерыканскага рэжысёра Эдварда Цвіка паводле сцэнарыя Клея Формана «Супраціў», прэм'ера якога прайшла ў студзені 2009 года.
Рэліквію беларусаў - слуцкія паясы - ткалі толькі мужчыны.
Насілі паясы толькі мужчыны і нават вязаць уладальнікам дапамагалі толькі мужчыны. Хадзіла павер'е, што калі жаночая рука дакранецца да каштоўных нітак, тканіна пацьмянее і пояс можна будзе адразу выкінуць. Знакамітыя паясы выпускала не толькі слуцкая мануфактура. Але нават у Францыі ў Ліёне паясы рабілі «па тыпу слуцкіх» і нават ставілі «слуцкую» метку.
Беларуская мова вельмі самавітая
Беларускі філолаг Ф.М. Янкоўскі вызначыў паміж беларускай і рускай мовамі 27 фанетычных адрозненняў, 43 марфалагічныя і болей за два дзясяткі сінтаксічных. Не кажучы ўжо пра лексічныя, якіх вялікае мноства. Таму здзіўляе, што некаторыя расійскія філолагі адносяць беларускую мову да «гаворкі» рускай мовы. Прычым на падставе ўсяго 8 фанетычных адрозненняў і некалькіх іншых слоў ужо абвяшчаецца наяўнасць самастойнай “старажытнарускай” мовы.
Наш славуты зямляк пісьменнік Адам Міцкевіч надта любіў і цаніў беларускую мову. У сваёй лекцыі ў Парыжы ён назваў яе самай гарманічнай і з усіх славянскіх моваў найбольш захаванай.
Паводле ЮНЕСКА, беларуская мова з’яўляецца самай мілагучнай пасля італьянскай.Мілагучнасць беларускай мовы ў многім абумоўлена мяккасцю, якая перадаецца ад суседніх гукаў. Напрыклад, у словах пес[с’]ня ці пе[н’]сія. Плаўную музычнасць мове надае вялікая колькасць адкрытых складоў. Павышае мілагучнасць мовы адметны санорны гук “ў”, які ўжываецца ў самых розных формах слоў: зрабіў, аўторак, заўтрашні, за ўсё, паўсюль. А наколькі прыемныя слыху падоўжаныя л’, н’, з’, с’, дз’, ц’! Толькі прыслухайцеся: адцен-н-не, шматгалос-с-се, завугол-л-ле...
Беларуская мова — адна з самых багатых у свеце. На тэрыторыі Беларусі існуюць сотні гаворак. І калі ў літаратурнай мове налічваецца 250—500 тысяч слоў, то ў дыялектнай — каля двух мільёнаў! Беларуская мова і адна з самых жывых моў. Калі ў мове беларусу чаго не хапае — ён дадае, калі, наадварот, штосьці перашкаджае — адбірае.
Самая мілагучная, багатая, жывая, песенная і старажытная... Беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі і на ёй гаварылі.
http://news.tut.by/culture/215731.html
http://nashaziamlia.org/2006/07/19/201/
Колькі гадоў беларусам?
Іншы раз даводзіцца чуць, што “беларусы” – вельмі маладая гістарычная з'ява. Што кажа беларуская навука? Паводле энцыклапедыі “Беларусь” (Мінск, 1995), “у XIII–XVI стагоддзях фарміраваўся беларускі этнас” (с.107). “Працэсы кансалідацыі беларускай народнасці ў беларускую нацыю пачаліся ў XVI – пачатку XVII стагоддзя” (с.529).
Такім чынам, беларускі этнас фарміраваўся з ХІІІ ст. (калі з'явілася Вялікае Княства Літоўскае – ВКЛ) – гэта значыць амаль 800 гадоў гісторыі, а беларуская нацыя фарміравалася з XVI ст. (з эпохі Францыска Скарыны) – гэта яшчэ 500 гадоў гісторыі. Што ж тут “юнага”? Хутчэй пра глыбокую старажытнасць трэба казаць. Напрыклад, амерыканская нацыя ўдвая маладзейшая за беларускую, а польская нарадзілася адначасова з намі.
Што тычыцца распаўсюджання беларускага этнасу, то шматлікія спекуляцыі і эксперыменты нават на мяжы XIX-XX стст. не прызнаваліся навукоўцамі. Напрыклад, у «Рускім гістарычным атласе» К.В. Кудрашова (1928) прыводзіцца карта 7 «Сучаснае дзяленне ўсходніх славян на мовы».
<blockquote>Вобласць «Белоруссы» пазначаная і тэрыторыямі Беласточчыны і Віленшчыны, і велізарнай тэрыторыяй РСФСР – якая ўключае Смаленск, Курск, Бранск, частку Цвярской і Пскоўскай абласцей і даходзіць да Маскоўскай вобласці – яе не ўключаючы. Гэтая карта супадае з картамі пражывання беларускага этнасу, складзенымі Рытціхам (1875), Карскім (1903), Маскоўскай дыялекталягічная камісіяй (1915), Станкевічам (1921).
</blockquote>У 1885 г. у Варшаве выйшла кніга расійскага ваеннага дзеяча, этнографа і картографа А.Ф. Рытціха «Славянскі свет», у ёй карта пражывання літоўцаў і беларусаў. «Літоўцамі» названыя толькі латышы і жмудзіны (тэрыторыя Латвіі і заходняй частцы цяперашняй Літвы – гэта значыць Жмудзі). Тэрыторыя Беларусі на захадзе ўключае Сувалкі, Аўгустаў, Беласток (гэта частка Гродзенскай губерні), на поўначы – Вільню, Дынабург, Люцын, на ўсходзе даходзіць да Вязьмы, на поўдні амаль даходзіць да Кіева. Паколькі і «Статыстычную табліцу» 1864 г. складаў таксама Рытціх, то становяцца зразумелыя яе лічбы: 4 млн украінцаў і 3 млн беларусаў.
Калі склалася наша мова?
Умоўна пачатак зараджэння асобнай беларускай мовы адносяць да канца XIII–пачатку XIV ст. Менавіта ў гэты час у граматах, дзелавой і асабістай перапісцы пачынаюць спарадычна адлюстроўвацца моўныя з'явы, адметная лексіка і фанетыка, якія пазней сталі характэрнымі для беларускай мовы. У шматлікіх гандлёвых дамовах, надпісах на прадметах матэрыяльнай культуры, разнастайных граматах, знойдзеных у Віцебску, Смаленску, Мсціславе, выразна адлюстроўваюцца асаблівасці жывой народнай гаворкі таго часу. На працягу XIV–XVI стст. пачала складвацца беларуская народнасць з уласцівай ёй моваю, асноўныя асаблівасці якой захоўваюцца ў ёй да нашага часу.
<blockquote>Адным з найстаражытнейшых пісьмовых помнікаў, які ўтрымлівае ўласна беларускія моўныя асаблівасці, з'яўляецца Дагаворная грамата смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгаю і Гоцкім берагам (1229 год). У ёй шырока прадстаўлены полацка-смаленскія рысы: змяшэнне [ч] і [ц], пераход гука [в] у [у] ( у Рызе, у верхь, у нізь), супадзенне гукаў [і] і [е], пераход злучэнняў гы, кы, хы ў гі, кі, хі і інш. Яскравая адметнасць нашага правапісу – прыстаўныя галосныя і, а. Яны не ўласцівы ні польскай, ні рускай, ні ўкраінскай мовам, што сведчыць пра іх беларускае паходжанне. Узніклі яны ў ХІІІ ст. у выніку падзення рэдукаваных галосных ъ (ёр) і ь (ер).
</blockquote>У XIV ст., пры Альгердзе, старабеларуская мова стала дзяржаўнай мовай у Вялікім Княстве Літоўскім. Прыкладна з сярэдзіны XV ст. пісьменства на тэрыторыі Беларусі насычаецца спецыфічна беларускімі асаблівасцямі ў такой меры, што пачынаючы з гэтага часу ёсць ужо ўсе падставы гаварыць пра старабеларускую літаратурную мову, якая сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі рысамі прыкметна адрознівалася ад старажытнарускай кніжнай мовы.
http://www.philology.ru/linguistics3/zhuravsky-78.htm
Чаму наша краіна называлася Літвой
Многіх у наш час здзіўляе, чаму беларуская дзяржава называлася літоўскаю. Адбылося гэта таму, што звычайна дзяржаву называюць па паходжанні княжацкай або царскай дынастыі. Чаму, напрыклад, славянская дзяржава са сталіцай у Ноўгарадзе, а потым у Кіеве атрымала ў гісторыі назву Русь. А таму, што некалі запрасілі княжыць князя з варагаў, якіх называлі русамі або руссю. А такая дзяржава, як Францыя (яе насялялі галы), атрымала сваю назву ад нямецкага племя франкаў, бо ўлада належала франкскім каралям. Франкаў было мала, яны хутка зніклі сярод галаў, а назва засталася. Гэтак жа было і на беларускіх землях. Вялікае княства называлі літоўскім, бо княжацкая дынастыя пачалася ад Міндоўга, які паходзіў з літоўскага племя. Да таго ж тыя, каго сёння называюць літоўцамі, у той час называліся жмудзінамі, а месца, дзе яны жылі, — Жмуддзю, краіны і дзяржаўнасці яны яшчэ не мелі.
Літвіны - гэта мы
Літвіны - гістарычны эндаэтнонім (імя народа, якое ён прысвойвае сабе сам) ураджэнцаў беларускіх земляў. Поўная назва ВКЛ – Вялікае Княства Літоўскае (Беларусь), Рускае (Украіна), Жамойцкае (сучасная Летува) – вызначала тытульную нацыю і падкрэслівала яе мультыкультурнасць.
Перапіс войска Літоўскага 1528 называе тых літвінаў пайменна – у ёй, за рэдкім выключэннем, толькі беларускія прозвішчы.
Акты Кракаўскага ўніверсітэта называюць «літвінамі» (Lithuanus, лац.) усіх студэнтаў з беларускіх зямель ВКЛ (за 1469-1536 гг. праходзіць толькі адзін жамойт і ён не запісаны як Lithuanus). Дарэчы, словы "Літва" ў жмудзінаў няма ні ў мове, ні ў тапонімах.
Статут ВКЛ дзейнічаў толькі на беларускіх і ўкраінскіх землях (для Жамойці быў асобны статут). У спісах вялікіх гетманаў, канцлераў і маршалкаў літоўскіх - толькі славянскія імёны.
Нарадзіўся я ліцвінам... і трохі гадоў жыцця мне застаецца, а змярканне яшчэ пакрывае будучы лёс маёй радзімы і шматлікіх яе ўскраін. Тадэвуш Касцюшка
</blockquote>Літвінамі называлі сябе толькі "беларускіх зямель ураджэнцы" – Францыск Скарына, Сымон Будны, Казімір Семяновіч, Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч, Кастусь Каліноўскі, Ігнат Дамейка.
«О, Літва, мая Айчына», - пісаў пра Наваградчыну Адам Міцкевіч. «Продкі мае выйшлі з літоўскіх балотаў», - пісаў пра Піншчыну Фёдар Дастаеўскі. Беларускі пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч «Літвою» лічыў Мінск, у якім тады жыў. Паэта Уладзіслава Сыракомлю сучаснікі называлі «лірнікам літоўскім», а другі вядомы беларускі пісьменнік Арцём Вярыга-Дарэўскі, які нарадзіўся на Лепельшчыне і жыў у Віцебску, пісаў у творы: «Літва - родная зямелька» (1858).
<blockquote>Рускі гісторык 19-га стагоддзя Мікалай Кастамараў пісаў: «Литва — это название стало собственностью белорусского края и белорусского народа»; «В 15-м столетии на территории теперешней России выделялись четыре области восточнославянского мира: Новгород, Московия, Литва и Русь. В 16-17 вв., когда Новгород был стёрт — Московия, Литва и Русь».
</blockquote>Яшчэ ў ХІХ ст. словы «Літва» і «ліцвін» выкарыстоўваліся як саманазва беларусаў заходняй і цэнтральнай частак нашага краю. Гэтаксама называлі нас і суседзі. Ад украінца пра беларуса можна было пачуць: «Хіба лихо озме литвина, щоб він не дзекнув». Жыхары Курскай і Арлоўскай абласцей Расіі называлі беларусаў «ліцвінамі» ажно да другой сусветнай вайны. А на Беласточчыне ўжо ў наш час запісана пра беларуса: «Як сыр не закуска, так ліцвін - не чалавек!» Дзясяткі вёсак на Беларусі маюць назву Літва. Распаўсюджаныя беларускія прозвішчы Літвін, Літвіновіч, Літвінка...
*****
Беларуская мова ў Вялікім Княстве Літоўскім
Прывілей вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча пра вызваленне сваіх падданых ад выплаты мыта на ўсім абшары дзяржавы. Выдадзены на старабеларускай мове ў Троках 23 верасня 1432 г.
У палітычным, эканамічным і культурным жыцці ВКЛ дамінавалі беларускія землі і наш народ. Цалкам заканамерна беларуская мова зрабілася ў краіне дзяржаўнай. Ад моманту стварэння ў XIV ст. вялікакняскай канцылярыі ў ёй выкарыстоўвалася тагачасная беларуская мова, якая была добра распрацаваная і цалкам магла забяспечваць усе патрэбы жыцця краіны. Мова, на якой тады размаўлялі продкі сучасных летувісаў - жамойты, яшчэ не была пісьмовай. Іхнае пісьменства ўзнікла толькі ў сярэдзіне XVI ст., тым часам як беларуская мела ўжо 500-гадовую гісторыю. На нашай мове ствараліся і выдаваліся ўсе зборы законаў дзяржавы ад Статута (Судзебніка) вялікага князя Казіміра Ягайлавіча 1468 г. да самага дасканалага ў Еўропе Статута 1588 г. Па-беларуску гаварылі, выдавалі граматы і прывілеі манархі і ўсе галоўныя асобы Княства. Па-беларуску пісалі соймавыя пастановы. Не існуе ніводнага дзяржаўнага дакумента ВКЛ, які быў бы напісаны па-літоўску.
Нашая мова – адна з найдаўнейшых дзяржаўных нацыянальных моў у Еўропе. Для параўнання: кастыльская (іспанская) ужывалася ва ўрадавых дакументах ад XIII ст., англійская зрабілася афіцыйнай у 1362 г., а французская - у 1400 г.
Славутыя слуцкія паясы
Славутыя слуцкія паясы – адна з нацыянальных рэліквій беларусаў, цудоўны ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які стаў не толькі гістарычным культурным сімвалам, але і сучасным брэндам Беларусі.
Надзвычай прыгожы, сімвалічны і дарагі прадмет мужчынскага гардэроба, даступны толькі выхадцам з вышэйшых саслоўяў – слуцкія паясы – ткалі ў Беларусі яшчэ ў XVIII ст. З імі звязаны дзіўныя падзеі і сямейныя таямніцы, загадкавыя і часам містычныя гісторыі.
Першая мануфактура ўзнікла ў Нясвіжы, але па распараджэнні Радзівіла Рыбанькі ў 1750-я гг. яе перанеслі ў Слуцк, які здаўна славіўся ўмелымі ткачамі. У час росквіту ў Слуцку працавалі да 55 ткачоў, столькі ж чаляднікаў і прадзільшчыц. На 20-25 станках штогод выпускалі каля 200 паясоў вельмі тонкай работы.
Такім чынам, класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч памыляўся ў сваім знакамітым вершы "Слуцкія ткачыхі", бо паясы выраблялі толькі мужчыны і ніколі жанчыны!
</blockquote>Сёння старадаўнія слуцкія паясы – рарытэт: у Беларусі захоўваюцца 11 слуцкіх паясоў рознага стану, а каля 1 тысячы іх знаходзіцца ў музейных і прыватных калекцыях свету. Тым не менш, у нашай краіне адроджаны ўнікальныя традыцыі вырабу слуцкіх паясоў. Сучасныя майстры робяць іх дакладныя копіі, аналагі і мастацкія стылізацыі.
Доўгія шырокія паясы з прыгожым малюнкам і складаным пляценнем з каштоўных нітак атрымалі распаўсюджанне на беларускіх землях яшчэ ў XVI-XVII стст. Гэтаму спрыялі паданні аб паходжанні арыстакратыі Рэчы Паспалітай ад старажытных ваяўнічых плямёнаў сарматаў. Беларускія ткачы стварылі свае непаўторныя ўзоры і сімвалічныя матывы, эксклюзіўную тэхналогію.
У хуткім часе слуцкія паясы пачалі капіраваць на іншых мануфактурах: у беларускіх Гродне, Слоніме, Ружанах, Паставах, Карэлічах, Шклове, польскіх Кабылках, Ліпкаве, Кракаве, Гданьску, французскім Ліёне, у Аўстрыі… Але нават нягледзячы на знак "Мяне зрабіў Слуцк", гэта не былі сапраўдныя слуцкія паясы. Вытворчасць арыгіналаў на самой мануфактуры Радзівілаў працягвалася да сярэдзіны ХІХ ст.
http://www.belarus.by/by/about-belarus/culture/slutsk-belts
Краіна з аўтэнтычнай абраднасцю
Да XX ст. са славянскіх народаў каляндарная абраднасць больш за ўсё захавалася ў беларусаў. Навукоўцы, і не толькі беларускія, адзначаюць, што на тэрыторыі Беларусі традыцыі, звязаныя з культам продкаў,найбольш яркія і кансерватыўныя. Ёсць такія памінальныя абрады, пра якія яшчэ даследчыкі ХІХ ст. пісалі як пра амаль зніклыя з'явы, але ў этнаграфічных экспедыцыях па нашай краіне ўдаецца фіксаваць іх і цяпер. У нас жывыя памінальныя традыцыі, характэрныя для старажытнасці іншых народаў. Скажам, тое, што знікла ў Заходняй Еўропе ў ХVІІІ ст., у нас працягвала існаваць і ў першай палове дваццатага, а часам праяўляецца і ў наш час. Мы маем два дні памінання ў годзе — Дзяды і Радаўніцу («шчаслівы той, каму продкі спрыяюць»). Дзяды – народная традыцыя, якая добра характарызуе менавіта беларускую культуру .
<blockquote>Дзяды - памінальныя дні ў народным каляндары беларусаў і ўкраінцаў, а таксама насельніцтва памежных з Беларуссю тэрыторый (Падляшша, Смаленшчына, Аўкштайція). Пачынаючы з 30 кастрычніка 1988 г. Дзяды набылі грамадзкую значнасць - штогод адбываецца шэсце на Курапаты (дзе былі выяўленыя масавыя пахаваньні людзей, расстраляных НКВД у 1937–1941 гг.) у памяць пра ахвяры сталінізму.
</blockquote>У аўторак паслявелікоднага тыдня на большай частцы тэрыторыі Беларусі адзначаецца адзін з найбольш вядомых памінальных дзён — Радаўніца (Радуніцкія Дзяды). Пасля паўдня кожная сям'я ішла памінаць родзічаў спачатку ў царкву, а потым на могілкі, дзе прыводзіліся ў парадак магілы блізкіх (часам гэта рабілі напярэдадні, у панядзелак). Затым на насыпе, разаслаўшы абрус, пачыналі памінкі. Велікоднае яйка, крыху страў і гарэлкі пакідалі "для мёртвых". Пасля могілак памінанне заканчвалася застоллем дома ці ў карчме, дзе паступова развейваўся сумны настрой. Вось чаму ў народзе казалі: "На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць". Радаўніца, калі ўсе радуюцца: і мёртвыя, і жывыя.
Дуда – беларуская валынка
Самабытнасць беларусаў праяўляецца і ў музыцы. Калі спытаць, які інструмент з'яўляецца народным для беларусаў, большасць адкажа: «Цымбалы або дудачка». На самой справе правільны адказ – дуда. Менавіта яна на працягу многіх стагоддзяў была і застаецца самым міфалагічным традыцыйным беларускім інструментам.
<blockquote>Першая згадка дуды (валынкі) у старадаўніх беларускіх тэкстах адносіцца да XII ст. Да сярэдзіны ХХ ст. дуда была самым распаўсюджаным інструментам і актыўна выкарыстоўвалася ў беларускай народнай музыцы – на Каляды, Вялікдзень, на вяселлях і танцавальных вечарах.
</blockquote>Потым на доўгія гады мы забыліся пра гэты інструмент, прамяняўшы яго на цымбалы. Адраджэнне валынкі-дуды пачалося толькі ў канцы 1980-х гг., калі сталі праводзіцца міжнародныя фестывалі дудароў і нават канферэнцыі.
У XXI ст. дударскі рух у Беларусі карыстаецца надзвычайнай папулярнасцю, з'яўляюцца новыя музычныя гурты, якія выкарыстоўваюць дуды ў сваёй творчасці.
Без дуды ў нас не абыходзілася ніводнае народнае свята. Захаваліся звесткі пра тое, што яшчэ ў дахрысціянскія часы дуда займала важнае месца ў жыцці беларуса. Інструмент рабілі са скуры казы, якая прыносілася ў ахвяру на Каляды. Пасля ў гэты дзень сталі адзначаць Нараджэнне Хрыстова, і паганская падаплёка сцёрлася. А вось каза нікуды не знікла. Яе дагэтуль малююць шумныя кампаніі «калядоўшчыкаў». Што ж тычыцца дуды, вырабленай на Каляды, то «жыла» яна роўна год. Затым інструмент разбівалі аб дуб (свяшчэннае дрэва славян), пасля чаго рабілі новую дуду. Дуда суправаджала беларуса практычна ад нараджэння і да смерці. Яна гучала на вяселлях і падчас збору ўраджаю, праводзіла войска князя на вайну і сустракала салдат, якія вярталіся з перамогай.
Крыніца:
http://www.gazeta.bsu.by/2015/10/a-vy-vedaece-shto/